Пазіцыйная вайна і чаканне зімовага прарыву. Галоўнае пра сітуацыю на фронце

Belsat.eu распавядае, што адбывалася на фронце пачынаючы з 2 снежня, і як сітуацыя можа змяніцца ў бліжэйшыя месяцы.

Пазіцыйная вайна

Расейская армія працягвае атакаваць пад Бахмутам і Аўдзееўкай, але істотнага прасоўвання не дэманструе і пры гэтым нясе значныя страты.

Валанцёр раздае гуманітарную дапамогу ў Бахмуце ў Данецкай вобласці. 8 снежня 2022 года. Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Бахмут застаецца цяпер самай гарачай кропкай гэтай вайны. «Там вельмі жорсткае супрацьстаянне, кожны метр мае значэнне», – канстатаваў на гэтым тыдні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. 7 снежня ў Z-каналах з’явіліся паведамленні, што расейцы нібыта ўвайшлі ў буйное сяло Якаўлеўка паўночней Саледару, аднак гэтая інфармацыя пакуль афіцыйна не пацверджана. Ёсць таксама звесткі пра захоп расейцам пазіцыяў у лесе ва ўсходніх ваколіцаў Бахмуту, захоп ваконнага заводу і гарадской смеццевай звалкі. Аднак прарвацца ў горад ці атачыць яго ў расейцаў пакуль не атрымліваецца – украінцы працягваюць упэўнена трымаць абарону (падрабязней пра сітуацыю ў Бахмуце можна прачытаць тут).

Наступальная аперацыя ЗСУ на лініі Сватава-Крэмінная (Луганшчына) таксама пакуль не прывяла да прарыву фронту. Напрыканцы мінулага тыдня расейскі вайсковы блогер WarGonzo паведамляў, што ўкраінцы здолелі дасягнуць пэўных поспехаў: выйшлі на ўскраіны Чырвонапапоўкі і прасунуліся ў лясным масіве паўднёвей Крэміннай. Але развіць поспех не атрымалася. Неўзабаве акупацыйныя войскі пачалі контратакаваць: у апошнія дні сітуацыя на фронце ў Луганскай вобласці набыла характар сустрэчных баёў. Расейскі вайсковы блогер «Старше Эдды» сцвярджае, што цяпер абодва бакі нібыта знаходзяцца «ў паўакружэнні» і ад таго, хто ў выніку тут пераможа, будзе залежыць вельмі шмат. Раней «Белсат» ужо адзначаў, што кантроль за лініяй Сватава-Крэмінная мае ключавое значэнне для будучыні ўкраінскага наступлення ў Луганскай вобласці. 

Агляд

Украіна чакае абстрэлаў, Пуцін не бачыць сэнсу ў жыцці расейцаў. Галоўнае пра вайну за тыдзень

2022.12.01 07:00

Розныя крыніцы паведамляюць пра тое, што расейцы за апошнія тыдні здолелі істотна нарасціць сваю групоўку пад Сватава. Брытанская выведка сцвярджае, што Расея перакінула туды часткі 1-й гвардзейскай танкавай арміі. Паводле кіраўніка Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргея Гайдая, там таксама з’явіліся расейскія дэсантнікі, якія раней ваявалі пад Херсонам. «Расейскія войскі, імаверна, узмацняюць пазіцыі ў раёне Сватова, каб нанесці дадатковыя ўдары і абараніцца ад чаканых украінскіх контрнаступальных аперацыяў», – канстатуюць аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW).

«Калі характарызаваць сітуацыю на зямлі па ўсёй лініі фронту, то зараз фаза такога аператыўна-тактычнага ціску расейскіх войскаў на кірунках. Гэта значыць яны інтэнсіфікавалі намаганні, якія яны рабілі і так у раёне, напрыклад, Данецкай і Луганскай вобласці», – заявіў 8 снежня дарадца офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч

Але пра перахоп Расеяй ініцыятывы на гэтым участку фронту казаць не выпадае. «Там Збройныя сілы Украіны ўсё роўна маюць пераважныя пазіцыі. У нас ёсць поспехі. Але сітуацыя дастаткова цяжкая. Чаму? Бо няма эфекту нечаканасці», – адзначыў Сяргей Гайдар. Ён таксама выказаў упэўненасць, што ў агляднай будучыні са Сватава і Краміннай расейцам давядзецца ўсё ж развітацца.

Святагорск, Данецкая вобласць. 9 снежня 2022 года. Фота: Shannon Stapleton / Reuters / Forum

Расея тым часам працягвае кампанію ракетных удараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны. Не спыняюцца таксама артылерыйскія абстрэлы цывільных аб’ектаў. 

Украіна ў сваю чаргу правяла 5 снежня беспрэцэдэнтную аперацыю супраць базаў стратэгічнай авіяцыі РФ ў Энгельсе і Дзягілеве, у 500-700 км ад лініі фронту. У выніку атакі ўкраінскіх беспілотнікаў як мінімум два стратэгічных бамбавіка атрымалі пашкоджанні, а частка авіяцыі была вымушана перабазавацца на іншыя аэрадромы.

Аналітыка

«Самая дзёрзкая атака»: што азначае ўдар па аэрадромах у Энгельсе і Дзягілеве

2022.12.06 16:28

Стаўка на зіму?

Стабілізацыю лініі фронту і пазіцыйных характар баявых дзеянняў, што назіралася ў лістападзе, эксперты звязвалі ў першую чаргу з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я – восеньскім бездарожжам. З наступленнем зімы гэты фактар мусіць знікнуць.

Цалкам імаверна, што ЗСУ паспрабуюць у бліжэйшыя месяцы арганізаваць новае маштабнае наступленне. На гэта, у прыватнасці, намякнуў сакратар РНБА Аляксей Данілаў. У сваім допісе 6 снежня ён адзначыў, што зіма стане ключавым этапам «вялікай вайны на незалежнасць». Скончыцца гэты этап украінскай вясною ў вызваленым Данецку, Луганску і Севастопалі. Уладзімір Зяленскі ў сваю чаргу заявіў, што верыць у завяршэнне вайны ў 2023 годзе.

«Улічваючы перавагу, якое ўкраінцы маюць у падрыхтоўцы, абсталяванні і якасці баявога складу супраць дэмаралізаваных, дрэнна навучаных, дрэнна абсталяваных расейцаў, у інтарэсах Украіны захаваць тэмп зімой», – сказаў міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўоліс у інтэрвʼю Daily Beast. Ён падкрэсліў, што расейскае войска мае сур’ёзныя праблемы з забеспячэннем, у тым ліку зімовым абмундзіраваннем, а ЗСУ атрымалі ад міжнароднай супольнасці 300 тысяч адзінак арктычнага баявога рыштунку.

Міністр абароны ЗША Ллойд Осцін таксама упэўнены, што зіма пойдзе на карысць ЗСУ, бо ўкраінцы лепш падрыхтаваныя. Больш зручным для Украіны, чым для РФ лічаць зімовыя ўмовы і аналітыкі ISW. Там мяркуюць, што для ЗСУ вельмі важна не даваць расейцам часу на аднаўленне сілаў.

«Далейшыя аператыўныя поспехі Украіны залежаць ад здольнасці ўкраінскіх сілаў працягваць паслядоўныя аперацыі на працягу зімы 2022-2023 гадоў без перапынку», – падкрэсліваюць эксперты.

Натхненныя восеньскімі перамогамі, Збройныя сілы Украіны цяпер значна пераўзыходзяць расейскіх вайскоўцаў па ўзроўню маральна-баявога духу. Гэта вымушаны прызнаваць нават у Расеі. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін), які толькі нядаўна вярнуўся з фронту, канстатуе, што большасць расейскіх вайскоўцаў проста не разумеюць дзеля чаго яны наогул ваююць. «Такія настроі менавіта ў войсках – вядуць да апатыі. Апатыя ж – да падзення баявога духу і выкананню пастаўленых задач «для галачкі» і «спусціўшы рукавы», без рэальнай зацікаўленасці ў іх паспяховым выніку. Дык вось – у войсках УС РФ (і часткі УС ЛДНР, хоць там матывацыі ў байцоў значна больш) пануе апатыя», – падкрэсліў ён. Паводле Стралкова, у гэтай сітуацыі нічога добрага для Расеі ў бліжэйшыя тыдні на фронце чакаць не варта.

Найбольш перспектыўным кірункам новага наступлення ЗСУ цяпер выглядае Мелітопаль у Запарожскай вобласці. У выпадку поспеху ўкраінцы рассякуць паўднёвую групоўку расейскіх войсках і атрымаюць магчымасць наступаць на Крым ды Марыупаль. Але гэты варыянт мае сур’ёзны мінус: ён занадта прадказальны. Расейцы абмяркоўваюць пагрозу ўдару ў Запарожскай вобласці з лета і мелі магчымасць падрыхтавацца да гэтага.

Рэшткі моста, які злучае горад Святагорск са Свята-Успенскім манастыром у Данецкай вобласці. 9 снежня 2022 года. Фота: Shannon Stapleton / Reuters / Forum

Таксама сярод патэнцыйных напрамкаў наступлення эксперты называюць Новую Кахоўку на левым беразе Дняпра і лінію Сватава-Крэмінная на Луганшчыне.

Ці чаканне вясны?

Праўда, існуе і іншы пункт гледжанне, у адпаведнасці з якім маштабных аперацыяў зімой не будзе праводзіць ніводны з бакоў. Такое меркаванне, у прыватнасці, выказала дырэктарка Нацыянальнай выведкі ЗША Аўрыл Хэйнс.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг лічыць, што Расея зацікаўлена ў тым, каб замарозіць канфлікт на бліжэйшыя месяцы, аднавіць свае сілы і перагрупавацца, а вясной перайсці ў буйное наступленне. Пра планы Крамля узяць паўзу і арганізаваць у лютым-сакавіку генеральнае наступленне раней паведамлялі і некаторыя незалежныя медыі, спасылаючыся на ўласнае крыніцы ў пуцінскай адміністрацыі. 

Аднак гэта не азначае, што расейцы не будуць праводзіць зімой тактычныя наступальныя аперацыі. Прынамсі, на Данбасе расейскае войска, імаверна, працягне атакаваць украінскія пазіцыі, спрабуючы ўзяць як мінімум Бахмут. Хаця такая ўпартасць можа пайсці на шкоду самой Расеі: каштоўнасць Бахмуту ў стратэгічным сэнсе даволі спрэчная, а страты расейцы там нясуць непрапарцыйна вялікія. «Бягучая зацыкленасць Пуціна на працягу наступальных аперацый вакол Бахмуту і ў іншых месцах садзейнічае здольнасці Украіны ўтрымліваць ваенную ініцыятыву ў іншых частках фронту», – мяркуюць аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны.

Паводле экспертаў ISW, у цэлым Пуцін рыхтуецца да зацяжной вайны і ад сваіх «максімалісцкіх мэтаў» не адмовіўся.

Аналітыка

Рызыка ўступлення Беларусі ў вайну павялічваецца?

2022.12.05 17:49

Глеб Нержын belsat.eu

The post Пазіцыйная вайна і чаканне зімовага прарыву. Галоўнае пра сітуацыю на фронце appeared first on belsat.eu.

#Беларусь