Эдуард Бабарыка застаецца ў СІЗА. Ён утрымліваецца пад вартай без суду ўжо амаль 2 гады

Суддзя суда Партызанскага раёну Менска Міхаіл Макарэвіч 20 траўня разгледзеў на закрытым паседжанні скаргі Эдуарда Бабарыка і яго адваката на падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай.

У выніку ў вызваленні з-пад варты было адмоўлена. Эдуард застаецца ў зняволенні.

Эдуард Бабарыка. Фота TUT.by

Адвакат Эдуарда падаў скаргу ў вышэйшую інстанцыю, яе разгледзяць на наступным тыдні.

Эдуард Бабарыка бесперапынна ўтрымліваецца пад вартай ужо больш за 23 месяцы. Яго затрымалі разам з бацькам Віктарам Бабарыкам 18 чэрвеня 2020 года. Эдуард быў кіраўніком штабу Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах. Затрыманне адбылося ў ДФР, куды раней яго выклікалі на допыт.

Праз тры дні Эдуарду Бабарыку выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры»). Але справа ў суд дагэтуль не была перададзеная.

У канцы мінулага году палітвязню Эдуарду Бабарыку выставілі новыя абвінавачванні па ч. 3 арт. 130 («Распальванне варожасці») і ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў») Крымінальнага кодэксу. Паводле гэтых артыкулаў Эдуарду Бабарыку можа пагражаць да 20 гадоў зняволення.

Артыкулы

«Ён не шкадуе пра свой выбар». Аляксандра Зверава – пра год без Эдуарда Бабарыкі

2021.06.18 12:49

Алена Рувіна belsat.eu


#Беларусь